17 мая ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Зладзейскія грошы”, або Гісторыя фальшываманецтва”, якая падрыхтавана сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Гісторыя фальшываманецтва налічвае амаль столькі ж гадоў, колькі і гісторыя ўласна грошай. Імкненне да незаконнага ўзбагачэння шляхам падробкі легальных плацёжных сродкаў фіксуецца практычна ва ўсіх кутках свету і ва ўсе гістарычныя перыяды. Не абмінула гэтая з’ява і тэрыторыю Беларусі. У апошнія стагоддзі, з развіццём нумізматычнага калекцыянавання, у вытворчасці несапраўдных грошай з’явілася новае адгалінаванне – выпуск так званых антыкварных падробак, якія вырабляюцца для рэалізацыі калекцыянерам, а не для грашовага абарачэння.
На выставе адлюстраваны не толькі фальшываманецтва як злачынства, але і псаванне грошай на дзяржаўным узроўні, стварэнне антыкварных падробак.
У экспазіцыі прадстаўлены фальшывыя манеты і банкноты, дакументальныя вытрымкі пра найбольш вядомыя справы фальшываманетчыкаў, інструменты для падробкі манет і банкнотаў, антыкварныя падробкі. З мэтай параўнання большая частка падробак размешчана поруч з арыгіналамі. На выставе экспануюцца прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея крыміналістыкі пры Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, Музея цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС Рэспублікі Беларусь, Музея гістарычнага факультэта БДУ, а таксама прыватных збораў – музея агратурыстычнага комплексу “Наносы‑Наваселле” і інш.
Вялікая ўвага на часовай экспазіцыі надаецца тэме крымінальнай адказнасці за фальшываманецтва ў розныя перыяды гісторыі ад Сярэднявечча да сучаснасці.
Выстава працуе да 11 ліпеня