19 Сен. 2016

Старажытная тэхніка набойкі

Сябры, Клуб Майстроў пашыраецца. Мы знаёмімся з новымі майстрамі, рамеснікамі і проста людзьмі, якім цікава навучыцца ствараць штосьці самім.

 

Сёння гераіня клуба майстроў - Ганна Шчука, майстра па вырабе дэталяў беларускага народнага касцюму і тканых паясоў, архітэктар-рэстаўратар.

На дадзены момант Ганна займаецца апрацоўкай матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый і гадуе сына. З яе дапамогай мы  зможам дазнацца і ўвачавіткі ўбачыць, што сабой уяўляе старажытная тэхніка – набойка.

 

 

«Тэхніку набойкі па тканіне я паспрабавала прыкладна гады тры таму. Спачатку пачала шлёпаць на паперцы, потым на тканіне. Зараз я пакажу, як я раблю паштоўкі. У мяне ёсць загатовачкі са шчыльнай паперы. У паштоўках буду набіваць спачатку вокладку і, калі фарба падсохне, унутры.

 

аўтар: Саша Паплыка

 

Калі набіваць на паперы, то лепш выкарыстоўваць акрыл, ён хутка сохне і добра трымаецца, у адрозненні, напрыклад, ад гуашы. Алей для паперы не падыходзіць, бо ён тлусты і пакідае сляды, якія будуць высыхаць нямераную колькасць часу. А калі мы хочам зрабіць узор на тканіне, то можна выкарыстаць і алей, і акрыл. З акрылам людзі працуюць, не скардзяцца. Мне больш падабаецца працаваць з алеем, таму што такі метад больш традыцыйны.

 

Мастоўскі р-н, в. Ланцавічы. Эскпедыцыя СЭТ

 

Тэхніку набойкі я разглядаю і як рамяство, скіраванае на добры вынік, і проста як тэрапію. У старажытныя часы былі майстры, якія хадзілі па вёсках з уласназробленымі штампікамі, трафарэтамі і фарбамі. І за грошы рабілі набойку на ўжо гатовых рэчах.

 

Вялейскі р-н, в. Сакалоўка. Эскпедыцыя СЭТ. Фота Аляксея Лужынскага 

 

А людзі навучыліся і самі рабіць аднаразовыя штампікі з падручных матэрыялаў. У вялейскай экспедыцыі Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыства, у якой я прымала ўдзел, Лях Валянціна Сямёнаўна з вёскі Рэчкі паказала, як рабілі штампік з бульбы. З яго дапамогай рабілі малюнак на выпечцы.

 

аўтар: Ганна Шчука

 

Для набойкі па паперы я звычайна выкарыстоўваю аднаразовую штэмпельную падушку і акрылавую фарбу. Для гэтага ідэальна падыходзіць звычайны паралон таўшчынёй у сантыметр. Гэта проста з прыладаў, якія знайшліся ў хаце.

 

аўтар: Саша Паплыка

 

Штампы ў  мяне з Індыі. Іх можна замовіць праз Пецярбург з дастаўкай па пошце.

Што тычыцца нашых майстроў - у Горадні ў краме "Цудоўня" прадаюцца такога кшталту штампікі. Сёння я ўпершыню паспрабую выкарыстаць адзін з іх, гэта будзе абкатка. Любы штамп сам па сабе можа выглядаць адным чынам, а на тканіне выйсці іначым, чым здаецца адпачатку.

 

аўтар: Саша Паплыка

 

Індыйскія штампы робяцца з дрэва, якое добра ўбірае і аддае фарбу. А гэты пакуль невядома, як будзе сябе паводзіць. Я бачыла некалькі прыкладаў традыцыйных набіваных тканінаў у кніжках.  Магу сказаць, што беларускія дошкі, відаць, былі досыць сціплыя і стрыманыя, не стракатыя, не віціеватыя ў адрозенні ад індыйскіх. У іх жа набіваныя тканіны вельмі папулярныя і выкарыстоўваюцца ў традыцыйным адзенні. Але да вопраткі ў мяне пакуль справа не дайшла. Не стае часу.

 

кніга "Беларускае народнае мастацтва", Нікольскі,1951

 

Напрыканцы працы штампы абавязкова мыюцца. І гэта досыць доўгі, руцінны працэс. Акрыл адмываецца хутка, а вось алейныя фарбы вымыць цяжка. Можна сказаць, колькі ты штампуеш, столькі ж мыеш іх.

 

аўтар: Саша Паплыка

 

Трэба добра даглядаць штампы, звяртаць увагу на тое, каб яны добра прасохлі, каб ў іх не заставалася фарба. Іначай якасць малюнка будзе кепская. Яшчэ ёсць метад нанясення фарбы, дзе замест штэмпельнай падушкі выкарыстоўваюць паралонавы валік у фарбе, якім “пракатваюць” штампы. Выкарыстанне малатка вельмі важна. Для тканіны - гэта нават прынцыпова, для паперы не зусім. Бо як раз пры груканні малатком па штампе фарба ўваходзіць у валокны. Таму тэхніка і называецца “набойка”, бо фарба літаральна ўбіваецца ў структуру тканіны.

 

Я люблю выкарыстоўваць тканіну натуральную. Бо калі ўзяць сінтэтычную матэрыю, яна мае слізкую паверхню, а за яе фарба будзе кепска чапляцца. Тут я брала даматканую тканіну, яна мае грубую структуру і выразную фактуру. І на ёй фарба чапляецца толькі за паверхню, не пранікае ў глыб валокнаў. Можа, гэта не самы лепшы варыянт, бо ў асноўным фарба мацуецца толькі зверху. А крамны лён, бадай, самы лепшы варыянт, бо ён досыць гладкі і лепш убірае фарбу. Яшчэ я спрабавала набіваць на віскозу, мне спадабалася.

 

аўтар: Саша Паплыка

 

Вось на гатовых вырабах набіванку я яшчэ не рабіла. Збіраюся набіць малюнак на ўжо сшытых торбах. Буду глядзець як ляжа фарба, бо я ўпершыню буду набіваць на куплёным вырабе, неільняным.

 

Такога кшталту рэчы я рэкамендую праць уручную. Калі выкарыстаць пральную машынку малюнак не дужа паплыве, але ёсць верагоднасць, што пашкодзіцца.

Што магу сказаць пра новы штампік: мне бачацца ў гэтым малюнку нейкія грэцкія бардзюры. У гэтага ўзора шмат магчымасцяў, ён функцыянальны. Сам па сабе штамп лёгкі. З-за гэтага з ім цяжэй працаваць, бо ён выслізвае з рук, не прыціскаецца ўласнай вагой. Але гэта спецыфіка маленькіх штампаў. Яшчэ, мне здаецца, ён не так добра аддае фарбу, вельмі гладкі. Унутры контураў фарбай ствараецца мармуровы эфект у адрозненні ад індыйскіх троху больш шурпатых паверхняў.

 

Хацелася б стварыць свой уласны штамп. То бок зрабіць эскіз, і замовіць ужо непасрэдна ў майстра. Было б цікава пашукаць па беларускіх музеях прыклады набіванай тканіны або самі штампы, і зрабіць з іх копію. І з дапамогай такіх штампаў набіць серыю тканінаў або сучасныя рэчы з традыцыйнымі матывамі.

 

Мне не падабаецца мэта проста аднаўляць і рэканструяваць. Я ўжо праз гэта перакрочыла. Мне цікава браць традыцыйныя ўзоры прыгажосці і пераносіць іх на сучаснае: на дызайн інтэр'еру, вопраткі, паштоўкі, дзіцячыя цацкі. Такім чынам, каб гэта глядзелася адэкватна ў новых умовах. Каб гэта не было прыцягнута за вушы, а быў падыход з нейкім разуменнем.

 

аўтар: Ганна Шчука

 

Я ўсім раю памятаць, што вырабы павінны быць якасныя і функцыянальныя. Што створаны выраб нясе пэўныя каноны прыгажосці. То бок усведамляць адказнасць за тое, якім чынам мы змяняем наш сусвет. Добра, каб творца разумеў, што сам факт таго, што мы нешта зрабілі ўласнаруч, яшчэ не ёсць падставай ганарыцца вынікам. Але не трэба й баяцца замахвацца на буйнамаштабныя рэчы, спрабаваць набліжацца ў творчасці да вырабаў мастацтва, а не бясконцай колькасці драбюткай біжутэрыі.

 

Яшчэ не трэба забывацца, што handmade - гэта плыня не толькі жаночая, а можа быць цікавай і дарэчнай і для мужчынскай паловы насельніцтва.

 

Не забывайцеся працаваць у як мага больш зручных умовах і сачыць за сваім здароўем - спінай, вачыма, рукамі.

 

А маё правіла нумар адзін - гэта абавязковае спалучэнне якасці і густу. Укладвацца ў якасную сыравіну, прытрымлівацца мінімальных законаў дызайну і мець пачуццё меры.» 

 

Саша Паплыка

Мастерская готовится к Хэллоуину. Вы с нами?:)

Мастерская готовится к Хэллоуину. Вы с нами?:)

1 Окт. 2023

Ближайшие «Тыквенные» мастер-классы, на которых можно слепить Фонарь Джека своими руками:     (вт) 3 октября 19:00-21:00 (сб) 7 октября 14:30-16:30 (ср) 11 октября 19:00-21:00 (сб) 21 октября 12:00-14:00 (сб) 28 октября 15:00-17:00 (вс) ...

Отзывы

Что бы оставить отзыв нужно авторизоваться